МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.​Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.​Купалы, «Пан міністар» Ф.​Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.​Дударава, «Саламея і яе амараты» С.​Кавалёва, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра, «Непаразуменне» А.​Камю, «Карэль» С.​Мрожака, «Двое на арэлях» У.​Гібсана, «Гер Паўль» Т.​Дорста, «Чорная нявеста» Ж.​Ануя, «Восем жанчын» Р.​Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.​Меё і М.​Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.​Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.​Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.​Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.​Радзінскага, «Дыяген» Б.​Рацара і У.Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.​Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.​Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.​Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.​Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.​Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.​Атрашкевіч, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.​Андросік, Р.​Баравік, У.​Забела, У.​Караткевіч. В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.​Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.​Мацкевіч, гал. мастакі У.​Жданаў (з 1992), Я.​Волкаў (з 1994).

М.​В.​Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.​Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)